Гэты артыкул, прысвечаны Рэсурснаму цэнтру па духоўна-маральнаму выхаванню ў Смілавічах, мы публікуем карыстаючыся журналісцкім матэрыялам Святланы Адамовіч з газеты «Районны веснік», якая друкуецца ў Чэрвене.
Рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнаму выхаванні ўзначальвае Наталля Іванаўна Чэрнік.
«Калі Наталля Іванаўна Чэрнік толькі распачынала свой педагагічны шлях, яна не задумвалася над тым, якую ролю ў выхаванні школьнікаў можа мець праваслаўе. Гэтае ўсведамленне прыйшло да яе з гадамі, з вопытам.
Таму недарэмна выкладчыца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце з вялікім стажам пэўны час таму абрала для сябе менавіта гэты напрамак, узначаліўшы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнаму выхаванню. <…>. Створаны ён на базе другой смілавіцкай школы, але па сутнасці з’яўляецца раённым. Зрэшты, яго ўжо добра ведаюць і ў вобласці, і ў рэспубліцы, бо Наталля Чэрнік умее ўсталёўваць доўгатэрміновыя кантакты з аднадумцамі. Так, рэсурсны цэнтр пяць гадоў актыўна супрацоўнічае з матывацыйным трэнерам, бізнесменам, паралімпійскім чэмпіёнам Аляксеем Талаем, а таксама з куратарам сацыяльных і гуманітарных праектаў Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая Аленай Ярашэвіч. <…>. Пазнаёміўшыся сёлета падчас семінара ў Барысаве з прарэктарам па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі БДУ Андрэем Гаранскім, Наталля Іванаўна таксама дамовілася з ім аб сумеснай працы. Вынікам стала рэалізацыя праекта “Беларусь праваслаўная”. І, безумоўна, вельмі важнай і неабходнай лічыць Наталля Чэрнік працу з агульнаадукацыйнымі ўстановамі ўсёй Чэрвеньшчыны па захаванню праваслаўных традыцый, сямейных каштоўнасцяў.<…>. – Начутая, што ў вашай школе часта праходзяць сустрэчы са святарамі. А як дзеці да іх ставяцца? – Ой, ведаеце, яны іх вельмі чакаюць. У нашай Смілавіцкай царкве служыць малады айцец Віктар (нататка. — іерэй Віктар Баяршчонак, настаяцель прыхода храма велікамучаніка Георгія ў гп. Смілавічы), у Заполлі – айцец Мікалай (нататка. — іерэй Мікалай Казінец, настаяцель прыхода храма ў гонар Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» ў в. Заполле). І вучні ўжо ведаюць, што на кожным мерапрыемстве, куды мы запрашаем святароў, будзе штосьці вельмі цікавае і адметнае. Можна сказаць, там адбываецца спасціжэнне чалавечай душы.
– Наталля Іванаўна, а ў чым Вы бачыце сваю педагагічную місію?
– Калі сцісла, дык гэта гучыць так: “Сеяць дабро”. А калі больш разгорнута казаць пра тое, што я хацела б яшчэ зрабіць, дык найперш – наладзіць сямейнае выхаванне. Бо абсалютна ўсё пачынаецца з сям’і. Так атрымалася, што ў нашай другой смілавіцкай школе бацькі, у асноўным, – гэта мае былыя вучні. І яны чуюць мяне альбо пачынаюць чуць. Не ўсе, канешне… Але я буду прыкладаць намаганні, каб кожны ці кожная з іх зразумелі, што сям’я – гэта галоўнае, што ёсць і павінна быць у дзіцяці, а сямейнае выхаванне – аснова асноў. Без такога ўзаемапаразумення поспеху мы не дасягнем… <…>. Але не варта думаць, што Наталля Чэрнік з-за працы не бачыць нікога і нічога навокал. У яе ёсць родныя, якіх яна вельмі любіць і чыімі поспехамі ганарыцца».
Паўсядзённае жыццё настаўніка гэта сведчанне таго, наколькі цярплівым і ўседаравальным даводзіцца ім быць.
«А яшчэ – з любоўю ставіцца да ўсіх дзяцей, не дзелячы на добрых і дрэнных. І абаграваць іх вялікім чулым мацярынскім сэрцам. Такім, як у Наталлі Іванаўны Чэрнік».